Імчаць, ірдзець, ільсніцца icon

Імчаць, ірдзець, ільсніцца



НазваниеІмчаць, ірдзець, ільсніцца
Дата конвертации21.07.2012
Размер26.17 Kb.
ТипДокументы

Імчаць, ірдзець, ільсніцца...

12.06.2009

Прыстаўныя галосныя і , а — яскравая адметнасць нашага правапісу. Яны не ўласцівы ні польскай, ні рускай, ні ўкраінскай мовам, што сведчыць пра іх беларускае паходжанне. Узніклі яны ў ХІІІ стагоддзі ў выніку падзення рэдукаваных галосных.
Мы ўжо гаварылі пра асаблівасці вакалізму (сістэмы галосных) старажытнай мовы. Напрыклад, ва ўсходнеславянскай мове рэдукаваныя ъ (ёр) і ь (ер) былі самастойнымі гукамі. Але крыху асаблівымі: вымаўляліся яны ў залежнасці ад пазіцыі. Так, у слове кънижька абодва рэдукаваныя былі ў слабай пазіцыі, бо былі ненаціскнымі. Са змяненнем націску — з музычнага на сілавы — адны склады ўзмацніліся, другія паслабіліся. Калі націск падаў на рэдукаваны, то ён паступова ператвараўся ў галосны поўнага ўтварэння. У ненаціскной жа пазіцыі рэдукаваны знікаў. Страта рэдукаваных прывяла амаль да рэвалюцыйных змен у мове. Гэта і аглушэнне/азванчэнне зычных (казка, малацьба), і ўзнікненне ўстаўных галосных (рубль — рубель), і страта канцавога л (неслъ — несл — нёс), і ўзнікненне беглых галосных (сон — сна), і падаўжэнне зычных (вяселле), і змяненні в і цвёрдага л на ў і інш.
Як ужо адзначалася, у выніку падзення рэдукаваных у роднай мове з’явіліся і прыстаўныя галосныя: Орша, аржаны, ільгота, ільняны, іржавы, ільвіца, ірдзець, іржышча, ілгаць, ільсніцца і інш. Яны стагоддзямі ўжываліся ў вуснай беларускай мове, пранікалі ў пісьмовыя тэксты.
Назіраецца даволі цікавая адметнасць: прыстаўныя галосныя развіваюцца не перад усімі зычнымі, а толькі перад р, л, м, якія пэўны час маглі ўтвараць склады. Здольнасць гэтых гукаў развіваць склады была выклікана нязручнасцю, “няўменнем” нашых продкаў вымаўляць словы са збегам зычных. Затым санорныя трацяць складовасць. Перад імі, як адзначаў акадэмік Карскі, “для ўхіленьня няўдобнага зачыну слова” развіваюцца галосныя і, а.
У гісторыі беларускай мовы ведаем і прыстаўны о: Ръша — Рша (дзе гук р пэўны час мог утвараць склад) — Орша. Ёсць сведчанні, што прыстаўны мог узнікаць і перад в (ў): аўторак (вът), але ў сучаснай практыцы гэтае слова не мае правапісных варыянтаў.
У новай рэдакцыі правіл напісанне прыстаўных галосных і і а рэгламентавана наступным чынам.
Прыстаўная галосная і пішацца: у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы;
у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, (іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна);
калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычную: Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Я.Купала). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (Я.Колас).

Прыстаўная літара і не пішацца, калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную, і пасля яго няма знака прыпынку: Азалаціла восень поле ржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі (К. Чорны). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (Я. Колас).
Узнікненне прыстаўных і і а абумоўлена гістарычна і датычыць далёка не ўсіх слоў. Напрыклад, не развіваецца прыстаўны гук у словах ртуць, млосны, мсцівец, млын. Гэта дае падставы меркаваць, што дзеянне фанетычнага закона ў пэўны час было спынена, і ён распаўсюдзіўся толькі на невялікую групу спрадвечна беларускіх слоў. Нельга блытаць напісанні запазычанняў тыпу імперыя, імправізацыя, імпарт, імпульс, імпічмент, імпрэсарыа са словамі з прыстаўной і. У прыведзеных словах і не з’яўляецца прыстаўной літарай: напрыклад, імпарт паходзіць з лацінскай мовы importare  — ‘увозіць’.
У некаторых словах можа з’яўляцца прыстаўная галосная а: амшара, аржаны, аржанішча, якая ўзаемазамяняльная з прыстаўной і: імшара, іржаны, іржышча. Напісанне ў выпадках амшара і імшара, аржаны і іржаны не ўплывае на іх зместавае напаўненне, гэтыя словы не маюць сэнсавых адрозненняў.
Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы, прымчацца, вокамгненна. У сучаснай арфаграфіі гэтае правіла не заўсёды вытрымлівалася. Слоўнікі дапускаюць варыянты ў напісанні прыведзеных слоў з прыстаўной і. Новай рэдакцыяй правіл такі разнабой выключаны.




Разместите кнопку на своём сайте:
Документы


База данных защищена авторским правом ©podelise.ru 2000-2014
При копировании материала обязательно указание активной ссылки открытой для индексации.
обратиться к администрации
Документы

Разработка сайта — Веб студия Адаманов